СУДО́ВАЯ ЎЛА́ДА,

у адпаведнасці з тэорыяй раздзялення ўлад С.ў. — самаст. незалежная сфера публічнай улады (побач з заканадаўчай і выканаўчай). Уяўляе сабой: 1) сукупнасць паўнамоцтваў па ажыццяўленні правасуддзя, г.зн. паўнамоцтваў па разглядзе і вырашэнні крымін., цывільных, адм. і канстытуцыйных спраў (спрэчак), у парадку, устаноўленым працэсуальным законам, а часам і паўнамоцтваў па абавязковым тлумачэнні норм права (напр., Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь), нарматворчых і кантрольных паўнамоцтваў (напр., праверка законнасці арышту або затрымання) і інш. другарадных паўнамоцтваў; 2) сістэму дзярж. органаў, якія ажыццяўляюць вышэйпералічаныя паўнамоцтвы. Паўнамоцтвы С.ў. падзяляюцца на асноўныя (выключныя) — па ажыццяўленні правасуддзя і дапаможныя. У дэмакр. дзяржавах С.ў. ўскладаецца на суды розных катэгорый (агульнай кампетэнцыі і спецыялізаваныя, адм. і канстытуцыйныя). У Рэспубліцы Беларусь асн. паўнамоцтвы С.ў. ажыццяўляюць суды, у т. л. аднаасобна суддзі.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)